21 December 2012

Падарылі свята дзецям

У музеі Элізы Ажэшкі адбыліся дабрачынныя навагоднія прадстаўленні для дзяцей-сірот. Рэпартаж пра імпрэзу падрыхтавалі ўдзельніцы секцыі "Залатое пяро", якая працуе ва "Універсітэце Залатога Веку".

Прыгожым снежаньскім дзяньком у добрым настроі я спяшалася ў домік Элізы Ажэшкі на дабрачынную імпрэзу "Падары дзецям радасць". 

Такія святы ўжо не першы год ладзяць цудоўныя жанчыны – супрацоўніцы юнацкага філіялу абласной бібліятэкі ў доме Элізы Ажэшкі.

Вось і гэтым разам загадчыца філіялам Алена Кірыенка са сваімі калегамі падрыхтавалі цудоўную навагоднюю імпрэзу з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, Лесавіка, Бабы Ягі ды іншых герояў.

Арганізатарам удалося далучыць да падрыхтоўкі свята і спонсараў – на заклік аб дапамозе адгукнуліся праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўніцтва горада.
... Я прыйшла ў домік Ажэшкі за гадзіну да імпрэзы. Дзяцей ужо чакалі. Маленства прыехала ў добрым настроі, у прадчуванні свята.

Асабліва міла выглядалі тыя, хто быў апрануты ў карнавальныя касцюмы: Зайчыкі, Ліскі, героі розных казак.

Старэйшыя дзеці паводзілі сябе больш стрымана, сарамліва сабраўшыся каля ялінкі.
Дзед Мароз са Снягуркай стараліся разварушыць усіх: вадзілі карагоды, спявалі песні, задавалі загадкі.

Іх намаганні не былі дарэмнымі – хутка памяшканне напоўнілася шумам смехам.
Кульмінацыяй свята сталі выступы дзяцей і раздача падарункаў, якія атрымалі ўсе маленькія ўдзельнікі свята.

У канцы імпрэзы арганізатары пачаставалі ўсіх лёдамі.

Традыцыю такіх дабрачынных святаў для дзяцей-сірот у Гродне распачала нашая славутая зямлячка Эліза Ажэшка. Праз сто гадоў пасля яе смерці традыцыя зноў аднаўляецца.

Валянціна Звярынская (на здымку вышэй), Вольга Анціпава (фота)

No comments:

Post a Comment