26 December 2012

Яшчэ адзін глыток роднай мовы…

Не кожнаму свядомаму беларусу даводзіцца часта чуць сваё і гаварыць на сваёй, але толькі не тут - на ўроках беларускай мовы ва “Універсітэце Залатога Веку”, дзе гучыць РОДНАЯ МОВА і льецца яе мілагучны спеў.
На перадапошнім занятку беларускай мовы ва “Універсітэце Залатога Веку” наведвальнікі гэтай секцыі апынуліся на літаратурнай вечарыне.
Слухачка УЗВ Ларыса Гірас з кнігай нашай госці са Смаргоні Алы Клемянок

У госці да іх завіталі стажоры “Універсітэта Залатога Веку” і сярод іх - наша беларуская паэтка і журналістка Ала Клемянок (на здымку зправа).

Для слухачоў было прыемна сам-насам сустрэцца з паэткай, паслухаць яе вершы, задаць свае пытанні аб “наземным” жыцці, таму што многім з нас падаецца, што людзі творчыя быццам жывуць інакш. Можа яно і так....
Трэба сказаць, што наведвальнікі секцыі “Беларуская мова”, таксама падзяліліся сакрэтам свайго выступлення на Калядную вечарыну і паказалі рэпетыцыю свайго нумара.

КАЛЯДНАЙ НОЧКАЙ
Каляднай ночкаю
малюся за дзяцей,
прашу у Госпада для іх
спагады, ласкі,
каб захінуў іх ад бязвер’я і страсцей,
каб убярог
ад злога духа пасткі.
Каляднай ночкаю
малюся за цябе –
мая матулька –
светлы мой прытулак,
я знаю:
молішся начамі за мяне,
пакуль ты ёсць –
ёсць для мяне ратунак.
Каляднай ночкай
не чакаю дзіва я,
Хай будзе воля,
Госпадзі, твая!
Дай сіл ісці
дарогаю зямною. 
Ала Клемянок


Фота Олі Астроўскай

No comments:

Post a Comment